Створаны 1.1.1990 у г. Слонім Гродзенскай вобл. на базе Слонімскага нар. тэатра. Заснавальнік і першы кіраўнік М.Варвашэвіч. У рэпертуары пераважаюць спектаклі камед. жанру, пастаўленыя ў традыцыях бел.нар. тэатра: «Прымакі» Я.Купалы, «Не забыцца і паспець на сябе хамут адзець» Л.Родзевіча, «Лекі ад кахання» і «Каханне з падманам» У.Галубка. Ставяцца п’есы сучасных бел. драматургаў: «Сабака з залатым зубам» У.Сауліча, «Жаніх па перапісцы» А.Федарэнкі, «Чужыя грошы» У.Бутрамеева, «Камедыя» У.Рудава паводле твораў К.Марашэўскага і Ф.Аляхновіча, «Чарнакніжнік» С.Кавалёва паводле твораў Я.Баршчэўскага. Значнае месца ў рэпертуары тэатра займаюць п’есы класічнай і сучаснай рус. і замежнай драматургіі: «Жаніцьба Бальзамінава» і «На бойкім месцы» А.Астроўскага, «Сямейны партрэт з чужым» С.Лабазёрава, «Пакуль яна памірала» Н.Птушкінай, «Мы ідзём глядзець «Чапаева» А.Данілава, «Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні, «Непаразуменне» А.Камю, «Жарты Парыжа» К.Манье. Сярод пастановак для дзяцей: «Чарадзейныя суніцы», «Хітрыкі бабы Ягі», «Апошні дыназаўрык», «Добры змей», «Маўглі» А.Якімовіча, «Драўляны рыцар» Кавалёва, «Прынцэса і салдат» У.Ягоўдзіка, «Дзед Мароз і Лясун» Л.Рублеўскай, «Зайка-зазнайка» С Міхалкова, «Папялушка» Т.Габэ, «Кот у ботах» С.Пракоф’ева і Г.Сапгіра.
С.М.Чыгрын.
Слонімскі беларускі драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Непаразуменне» А.Камю.Слонімскі беларускі драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Пакуль яна памірала» Н.Птушкінай.